У Шчыткавіцкай сельскай бібліятэцы ў рамках праекта “Кожная пятніца – роднае, сваё” прайшла пазнавальная гадзіна “Нацыянальны касцюм і жаночы вобраз". Падчас мерапрыемства дзеці пазнаёміліся з гісторыяй нацыянальнага касцюма, падрабязна даведаліся пра тое, як і з чаго яго выраблялі нашы продкі, якія тканіны, узоры і вышыўкі характэрныя для касцюмаў розных рэгіёнаў Беларусі.
Лічаныя дні да Вялікадня – і ў паветры ўжо адчуваецца святочны настрой. Пакуль у дамах ідзе апошняя падрыхтоўка, у Старадарожскім цэнтры рамёстваў пагрузіліся ў сапраўднае велікоднае мастацтва. Прайшоў час народнай творчасці “Велікоднае яйка”, дзе прынялі ўдзел бібліятэкары Старадарожскай раённай цэнтральнай бібліятэкі. Цёплая атмасфера, свечкі, фарбы, арнаменты – і кожнае яйка ператваралася ў маленькі сімвал свята.
4 красавіка ў Горкаўскай сельскай бібліятэцы прайшла літаратурна-экалагічная гадзіна “Ім патрэбна наша абарона”. У ходзе мерапрыемства дзеці пазнаёміліся з кнігамі пра жывёл і птушак, з Чырвонай кнігай Беларусі, даведаліся, якія жывёлы і птушкі знаходзяцца пад абаронай дзяржавы, адгадвалі загадкі, гулялі ў гульні.
У Церабуцкай сельскай бібліятэцы-клубе ў рамках праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё» прайшоў час фальклору «Расліны беларускай зямлі». Бібліятэкар паведала дзецям беларускія народныя легенды пра паходжанне асобных дрэў і кустарнікаў, асаблівасці іх знешняга выгляду.
Набліжаецца Вербная нядзеля – светлае і цёплае свята, якое сімвалізуе абнаўленне, надзею і прыход сапраўднай вясны. 5 красавіка праваслаўныя вернікі адправяцца ў храмы, каб асвяціць вербу – традыцыйны абярэг і знак дабрабыту. У перадсвяточныя дні ў Старадарожскім цэнтры рамёстваў прайшоў час народнай творчасці “Верба-вербачка – цуда ветачка”. Урамках праекта "Кожная пятніца - родное, сваё!" бібліятэкары Старадарожскай раённай цэнтральнай бібліятэкі прынялі ўдзел у мерапрыемстве. З захапленнем упрыгожвалі вербавыя галінкі стужкамі, папяровымі кветкамі і іншымі дэкаратыўнымі элементамі, ствараючы ўласныя непаўторныя святочныя кампазіцыі.
2 красавіка ў Горкаўскай сельскай бібліятэцы прайшло віртуальнае падарожжа да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі “Шлях да садружнасці, сяброўства і міру”. На мерапрыемстве ішла размова пра значнасць паняццяў «мір», «сяброўства», «радзіма» для кожнага чалавека.
30 сакавіка бібліятэкары Старадарожскай раённай цэнтральнай бібліятэкі правялі для вучняў 10-х класаў СШ №3 літаратурную віктарыну «Смеху ачышчальная сіла», прысвечаную 130-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы. Вядучыя расказалі пра жыццёвы шлях пісьменніка, які прайшоў чатыры вайны, і пра тое, чаму ён абраў псеўданім Крапіва, а таксама пра яго любоў да роднай мовы. Далей падлеткі з азартам уключыліся ў розныя гульні, якія тычацца творчасці выдатнага байкапісца і драматурга. Пытанні літаратурнай віктарыны дапамаглі дзецям угадаць яго цудоўныя сатырычныя творы. Пераможцы атрымалі невялікія падарункі.
У Церабуцкай сельскай бібліятэцы-клубе ў рамках праекта “Кожная пятніца – роднае, сваё” прайшоў час этнаграфіі “Даўніну мы памятаем, даўніну мы шануем”. Бібліятэкар пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з сапраўднымі прыладамі побыту продкаў, расказала пра іх прызначэнне і гісторыю.
Калі беларус хоча ўсвядоміць сябе беларусам, то ён заўсёды звяртаецца да гісторыі, да культуры свайго народа. У рамках праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё» бібліятэкар дзіцяча-юнацкага сектара правяла пазнавальна-гульнёвую праграмму “Пазнаём Беларусь разам” і пазнаёміла выхаванцаў дзіцячага сада №2 з кнігамі беларускіх пісьменнікаў і беларускімі казамі. Вялікую зацікаўленасць выклікала інфармацыя пра жывёл і расліны, якія ёсць у Беларусі. Дзеці з задавальненнем адгадвалі загадкі, гулялі ў гульні. Бібліятэкар пазнаёміла рабят з тэматычнай выставай “Чытаем па-беларуску разам”.
27 сакавіка ў Горкаўскай сельскай бібліятэцы прайшоў літаратурны квэст “Любімыя кнігі многіх пакаленняў”. У гэты дзень юным гасцям літаратурнай гадзіны была прадстаўлена кніжная выстава “Добры свет любімых кніг”, дзе былі прапанаваны кнігі на любы чытацкі густ. У бібліятэцы было шмат вясёлага і пазнавальнага: сустрэча з любімымі літаратурнымі героямі, знаёмства з новымі перыядычнымі выданнямі, прайшоў конкурс знаўцаў кніжных герояў. Усе разам успомнілі прымаўкі і прыказкі пра кнігу. У завяршэнні мерапрыемства дзеці паслухалі верш Валянціны Лукша “Як Ліса вучылася лётаць”.
У сакавіку сапраўднаму мастаку слова, аднаму з самых любімых у дзяцей беларускіх аўтараў Паўлу Місько споўнілася б 95 гадоў з дня нараджэння. Да юбілею П. Місько ў Церабуцкай сельскай бібліятэцы-клубе ў рамках гуртка “Ветразь” прайшоў літаратурны дзіліжанс “Прыйдзі, дзень залацень”. Пачалося мерапрыемства са знаёмства з творчасцю пісьменніка, якая прадстаўлена рознымі літаратурнымі жанрамі: казамі, апавяданнямі, аповесці, нарысамі, вершамі, п’есамі. Яго кнігі вучаць спагадзе, сяброўству, справядлівасці, узаемадапамозе, дапамагаюць пазнаць свет дабрыні і прыгажосці. Удзельнікі мерапрыемства падрабязна пазнаёміліся з дзіцячымі творамі: «Эрпіды на планеце Зямля», «Прыгоды Бульбобаў», «Грот афаліны», «Прыйдзі, дзень-залацень!», «Акрабат у бутэльцы», «Навасёлы». Гэтыя кнігі былі рэкамендаваны да чытання.
13 сакавіка бібліятэкар Горкаўскай сельскай бібліятэкі для вучняў ДАУ “Горкаўская сярэдняя школа Старадарожскага раёна” правяла прававую гутарку “Асноўны закон нашай дзяржавы”, прымеркаваную да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У ходзе мерапрыемства дзеці пазнаёміліся з цікавымі фактамі з гісторыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, з часткамі прававога дакумента і з асноўнымі правамі і абавязкамі грамадзян. Гадзіна інфармацыі дазволіла пашырыць веды вучняў аб канстытуцыйных асновах нашай дзяржавы, садзейнічала выхаванню пачуцця гонару за сваю Радзіму, заклікала паважаць законы нашай краіны. Дзеці пазнаёміліся з літаратурай, прадстаўленай на кніжнай выставе, якая была падрыхтавана да мерапрыемства ў Горкаўскай сельскай бібліятэцы “Конституция – основа правовой системы Республики Беларусь“.
У Палажэвіцкай сельскай бібліятэцы прайшоў турнір “Знаўцы роднай мовы”. Бібліятэкар падрыхтавала для ўдзельнікаў розныя выпрабаванні. У праграме былі як традыцыйныя віктарыны на веданне правілаў арфаграфіі, так і нечаканыя творчыя конкурсы. Асабістую цікавасць выклікаў конкурс “Жывая мова”, дзе трэба было прачытаць урыўкі класікаў: Я. Купалы, М. Танка, Н. Гілевіча, П. Броўкі.